«Лепей апрануць штонікі навырост»: як знайсці ў сабе пісьменніка?

7221
0

Елена Синекович

2018-07-10

TeenAge.by пагутарыў з Маргарытай Латышкевіч, філолагам, пісьменніцай, рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць», пра тое, наколькі цяжка рабіць першыя крокі ў літаратуры.

Маргарыта Латышкевіч

Як пачаць?

Калі я прадстаўляюся перад любой аўдыторыяй, то звычайна кажу, што я пісьменнік. Не ведаю, наколькі заслугоўваю гэтага наймення, але пісьменнік – тое, кім бы мне хацелася сябе бачыць праз гадоў дзесяць, – кажа аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і прозы.

Бібліяграфія Маргарыты:

паэтычны зборнік «Пульс навальніц» (2012);
зборнік апавяданняў «Яблыкі» (2016);
зборнік прозы «Наш дом» (2018).

Калектыўныя зборнікі паэзіі і прозы: «Мы – маладыя» (2012), «Кахаць і верыць» (2013), «Мост Дружбы» (2013), «Мой дзень пачынаецца» (2015).

А пачалося ўсё з комікса пра коцікаў, які Маргарыта намалявала ў чатыры гады.

Мая сям’я – аматары чытання. Аднойчы бацька скардзіўся маці: няма чаго пачытаць. Трафарэтам я намалявала коцікаў з круглымі галавамі, гэта ўсё склала ў кніжачку, паднесла бацьку. Сюжэт вельмі цьмяна зараз памятаю. Коцік пайшоў у школу, ці што, – гаворыць яна. – Гэта быў першы творчы імпульс звонку. Але я лічу, што калі табе 150 чалавек будуць гаварыць «Пішы!», ты не напішаш, калі ў цябе не будзе ўнутранай патрэбы.

Вершы vs. проза

Па шчырасці, я дасюль няўпэўнена, ці вызначылася з тым кірункам, у якім буду працаваць. Мне падабаецца рабіць розныя рэчы, – кажа Маргарыта. – З вершамі не паспрачаешся: калі вершу трэба напісацца, ён напішацца. У прынцыпе тое самае і з прозай.

Так што калі табе проста хочацца пісаць – пішы, потым разбярэшся.

Калі малады чалавек адчувае ўнутры сябе патэнцыял, хай ён яго не абмяжоўвае. Заганяць сябе ў рамкі – нешта нездаровае. Чым болей рамак, у якіх ты існуеш, тым меней месца для цябе. Гэта як дзеці, якіх у сярэднія вякі прымушалі расці ў драўляных скрыначках, каб яны не вырасталі вялікімі. Тое самае ты робіш з сабой. Лепей апрануць штонікі навырост. Я буду пісаць, а што – хто яго ведае, як бог на душу пакладзе, – дае параду Маргарыта.

Пісьменнік – філолаг?

Маргарыта скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта. Яна лічыць, што за кошт адукацыі навучылася арганізоўваць работу, атрымала вопыт структуравання інфармацыі, аратарскага майстэрства, працы з тэкстам.

Не магу сказаць, што ў філолагі трэба падацца ўсім. Ва ўсіх розныя здольнасці. Аднолькавай для ўсіх сцежкі ў жыцці няма. Філфак дае някепскія навыкі для таго, каб стаць пісьменнікам. Але многае дае і журфак, і лінгвістычны ўніверсітэт. Любыя веды могуць прыдасцца.

Да таго ж, у літаратуры багата выпадкаў, калі пісьменнікі не маглі атрымаць вышэйшую адукацыю, але атрымалі багаты жыццёвы вопыт, які дазволіў ім пісаць добра. Як прыклад – Максім Горкі.

Формула бестселера

Як кажа Маргарыта, зараз лёгка знайсці экспрэс-курсы па літаратурным майстэрстве, якія абяцаюць, што ты зможаш напісаць раман за тры заняткі. Даведаешся «сакрэты» і адразу пачнеш ляпіць бестселер за бестселерам. Аднак не ўсё так проста.

Ёсць агульныя правілы, якія функцыянуюць у літаратурным творы. Маладым аўтарам я б рэкамендавала пазнаёміцца з работамі па тэорыі літаратуры. Напрыклад, прачытаць «Паэтычны слоўнік» Вячаслава Рагойшы. Там выкладаецца голая тэорыя – што такое харэй, ямб. Калі ты будзеш ведаць тэорыю, ты будзеш заўважаць, дзе ў цябе не хапае складу ці збіўся рытм. Бывае, што законы напісання твораў можна парушыць для ўтварэння пэўнага эфекту. Тут трэба прыслухоўвацца да ўнутранага пачуцця меры, густу, слыху. Гэтае чуццё не падмане.

Але найперш любы пісьменнік павінен быць эрудзіраваным чалавекам.

Лепшым падручнікам будуць кніжкі, якія ты прачытаў. Лепей за ўсё чытаць у розных жанравых кірунках, стылістычна розных аўтараў. У рэшце рэшт з’явіцца разуменне, ты будзеш бачыць матрыцу, унутраныя законы, спружыны, пры дапамозе якіх працуе тэкст. І зможаш самастойна размяшчаць гэтыя спружыны ў сваіх тэкстах.

 
Маргарыта Латышкевіч

Літаратура – гэта праца?

Калі ты лічыш, што пісьменнік піша толькі па натхненні, то спяшаемся цябе агаломшыць. Магчыма аўтар, які атрымаў колькі мільёнаў з продажу сваёй кніжкі, можа дазволіць сабе доўгі перапынак. Але пачаткоўцу зараз самая праца.

У літаратуры, як у любой іншай прафесіі, ёсць вялікая колькасць працы. Тэксты ў любым выпадку трэба правіць. Натхнення ніхто не адмаўляў, гэта стан апантанасці, калі ты жывеш у тэксце. Без яго не напішаш душэўна, пачуццёва, ярка. Калі ты не атрымліваеш задавальнення ад таго, што працуеш з тэкстам, гэта адбіваецца на яго якасці, гэта заўважае чытач.

Прывучы сябе да культуры працы. Сеў (-ла) за стол, значыць павінен (-на) пісаць. А як распішашся, то натхненне прыйдзе аўтаматычна.

Я зараз працую з раманам. У мяне прапісаны ўвесь сюжэт па пункціках. І ёсць правіла – 10 тысяч знакаў у дзень, бо я хачу разабрацца з гэтым тэкстам хутчэй. З аднаго боку, гэта абцяжарвае жыццё. З другога – аб’ём тэксту павялічваецца і я бачу рэчыўнае пацвярджэнне сваёй працы. Гэта дае стымул пісаць далей.

Дзе публікавацца пачаткоўцу?

Пачаць лепш з газет, часопісаў, або з інтэрнэту (напрыклад, з ficbook.net). А калі ты пішаш па-беларуску, то звярні ўвагу на «Маладосць».

Гэта часопіс для маладых аўтараў – ад 16 да 35 гадоў. Дапускаю, што і ў больш юным узросце пішуць вартыя тэксты, дасылаць іх можна нам ва ўсялякім выпадку. Калі мы заўважым юнага аўтара, то можам прапанаваць яго часопісу «Бярозка».  

«Маладосць» публікуе паэзію, прозу, публіцыстыку, крытыку.

У нас шмат цікавых аўтараў і заўсёды хочацца, каб іх было болей, – адзначае Маргарыта. – Калі мы атрымліваем чарговы ліст, то яго чытае ўся рэдкалегія. Мы абмяркоўваем тэкст, ці ёсць у ім хібы, ці можна іх выправіць. І пасля разам вырашаем: публікаваць ці не. Так больш справядліва.

Маргарыта прачытвае шмат тэкстаў пачаткоўцаў. І зазначае, што патэнцыял бачны ўжо па першай старонцы. З таленавітымі аўтарамі часопіс працягвае працаваць. Рэдактар дае парады, вылучае памылкі.

Некаторыя пужаюцца рэдактарскіх правак у вордаўскім файле, баяцца іх чытаць. Але падкрэсліванне не значыць, што ты безнадзейны чалавек – гэта проста парада, як зрабіць лепей.

Пачаткоўцу карысна прайсці такую школу.

У маладога аўтара ёсць эмацыйная прывязка да свайго тэксту. Яна, часам, замінае паглядзець на свой опус неперадузята. Пабачыць памылкі і выправіць іх дапамагаюць зусім не каментарыі кшталту «Автор жжот! Піші есчо», а канструктыўная крытыка. Лепей зрабіць такую прышчэпку перш чым пераходзіць у вялікі акіян – выдавецтва.

«Я не самотны, я кніжку маю…»

Калі ты перажываеш, што ў цябе ўсё яшчэ няма ніводнай уласнай кніжкі, то ўспомні Максіма Багдановіча, які за сваё жыццё выдаў толькі адну, але якую!

Па словах Маргарыты, у пачаткоўца ёсць некалькі шляхоў выдання кніжкі.

З кніжкамі, з аднаго боку, цяжэй, а з другога – нашмат лягчэй. Галоўнае, каб у цябе былі грошы для выдавецтваў. Ты збіраеш пэўную суму, табе выдаюць пэўны тыраж. Ёсць варыянты, калі табе друкуюць спачатку 20 экземпляраў, а калі яны разыходзяцца, то дадрукоўваюць яшчэ. Можна надрукаваць кніжку літаральна ад аднаго экземпляру, праўда, не ведаю, навошта так рабіць. Людзі, якія так робяць, пасля ходзяць з гэтымі кніжкамі па рэдакцыях з пытаннем «пачэму вы мяне не пячатаеце, у мяне ж кніжка ёсць.  

Яшчэ адзін варыянт – друкавацца на грант.

У мяне першая кніжка паэзіі выйшла, дзякуючы праграме падтрымкі маладых аўтараў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Я атрымлівала стыпендыю, фактычна гэта была сума, якую трэба было выплаціць за тыраж. А заўважылі мяне пасля перамог у конкурсах ад СПБ, плюс пазітыўную ролю адыграла наяўнасць досыць вялікай колькасці публікацый у прэсе. Таму публікавацца ў часопісах і газетах варта і трэба.

Можна шукаць будучых чытачоў у інтэрнэце.

Калі тэксты арыентаваны на рускамоўную аўдыторыю, ёсць варыянт публікаваць іх на «Фікбуку». Там ёсць чытацкая база падпісчыкаў. Калі ім спадабаецца тое, што ты пішаш, то яны захочуць купіць кніжку. Пасля трэба дамовіцца з выдавецтвам, каб яны выпусцілі колькі асобнікаў пад заказ. А потым людзі замаўляюць кніжку, аплочваюць і атрымліваюць яе па пошце. Пры неабходнасці тыраж можна дадрукаваць.

Пісьменнік павінен займацца сваім піярам, лічыць Маргарыта.

Ніхто не будзе хадзіць за табой і прасіць тэксты. Трэба думаць самастойна, як рэалізаваць сябе, прасунуць сваю творчасць. Любы творчы занятак – досыць канкурэнтная пляцоўка. Нават калі выпускаеш кніжку яе нельга кідаць, патрэбны прэзентацыі, продаж, рэклама, рэцэнзіі.

Як бачыш, быць пісьменнікам няпроста. Але ж і не пісаць, часам, немагчыма. Таму – наперад!

Фота К. Дробава і У. Цыдзіка.

Комментарии