Што такое Радаўніца і чаму ў аўторак – выхадны?

10611
0

Елена Синекович

2018-04-14
Ты заўважыў (-ла), што на вуліцах твайго горада апошнім часам з’явілася шмат прадаўцоў штучных кветак. Бацькі абвясцілі, што на доўгія выхадныя вы едзеце да бабулі ў вёску. А ў аўторак 17 красавіка ў школу можна не ісці. Што адбываецца?

На дзявяты дзень пасля Вялікадня, які праваслаўныя вернікі сёлета святкавалі 8 красавіка, у Беларусі адзначаюць Радаўніцу (іншыя назвы – Радуніца, Радуніцкія Дзяды, Провады, Могілкі). Яна ўключана ў каляндар дзяржаўных свят (дарэчы, у нашых суседзяў Расіі і Украіны гэта не так) і заўсёды прыпадае на аўторак, таму гэта выхадны. Як правіла, працоўны ці вучэбны панядзелак таксама пераносіцца – так что выхадных атрымліваецца адразу тры ці нават чатыры.

Радаўніца – гэта старажытная традыцыя, якая ўзнікла ва Усходняй Еўропе яшчэ да фарміравання на гэтай тэрыторыі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў як народаў. Яна з’явілася тут у дахрысціянскія часы як веснавы дзень успаміну памерлых родзічаў.

Ніхто не ведае дакладна, як святкавалі Радаўніцу нашыя далёкія продкі. Але некаторыя абрады таго часу захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, твае родныя хутчэй за ўсё прыходзяць у гэты дзень на могілкі з пачастункамі і кветкамі. На усходзе Беларусі, а таксама ў яе цэнтральных раёнах прынята ладзіць цэлыя застоллі ля магіл родзічаў.

Сімвалічнае застолле на могілках у наш час нагадвае старажытную практыку – трызну. У далёкія часы трызна, акрамя ежы і піцця, суправаджалася спевамі, танцамі і паленнем вогнішчаў.

Нягледзячы на тое, што Радаўніца мае паганскія карані, традыцыя яе святкавання захавалася і пасля хрысціянізацыі нашых земляў. Але сэнс трызны змяніўся. Раней людзі верылі, што памерлыя родзічы будуць дапамагаць жывым, калі іх задобрыць. Напрыклад, паспрыяюць добраму ўраджаю. Зараз праваслаўная царква скіроўвае вернікаў на тое, што Радаўніца – светлы дзень памінання памерлых, падчас якога варта памаліцца за іх у храме і наведаць магілы родных.

У рэгіёнах Беларусі Радаўніцу адзначаюць па-свойму і нават у розныя дні. Ці прымаць табе удзел у яе святкаванні? Вырашай самастойна. Але ж май на ўвазе, што ў першую чаргу Радаўніца – гэта свята ўзяднання жывых і памерлых. Да таго ж, на яго зазвычай збіраецца ўся сям’я. Так што гэта яшчэ і добрая нагода сустрэцца са сваімі сваякамі з другіх гарадоў і вёсак.

Комментарии