Ці хадзіць у царкву або касцёл з бацькамі?

6500
0

Татьяна Сивец

2018-03-30

1 красавіка ў Беларусі адзначаюць Вялікдзень рыма-католікі, грэка-католікі і пратэстанты. 8 красавіка – праваслаўныя. Твае бацькі, магчыма, пойдуць у царкву ці касцёл. Калі яны робяць гэта пастаянна, то ў цябе, відавочна, ёсць уласнае стаўленне да гэтага, а калі яны наведваюць рэлігійныя ўстановы некалькі разоў на год, то ўзнікае пытанне: ці ісці табе разам з імі.

Вялікдзень

Чаму не?

Страх першы. Ты баішся, што цябе пабачыць там хтось з аднагодкаў і гэта можа стаць нагодай для кпінаў? Але дарослыя людзі, якія робяць свядомы выбар у сваім жыцці, не адчуваюць неабходнасці апраўдвацца перад іншымі, пакуль іх учынкі не парушаюць правоў іншых людзей. Аднак каб зрабіць уласную выснову, трэба найперш пацікавіцца прадметам. Калі Евангелле здаецца табе занадта складанай кнігай, а бацькі не імкнуцца разважаць на рэлігійную тэму, то лепш звярнуцца да людзей дасведчаных. Амаль пры кожным храме ёсць заняткі для дзяцей і падлеткаў, дзе можна не саромецца задаваць самыя розныя пытанні: напрыклад, чаму Бог не мог проста дараваць людзям грахі, а паслаў свайго Сына на крыж...

Страх другі. Раптам табе так спадабаецца, што давядзецца хадзіць у касцёл ці царкву пастаянна, можа нават звязаць жыццё са святарствам, а твае родзічы цябе не зразумеюць і не падтрымаюць... У жыцці кожнага з нас ёсць момант, калі мы адчуваем, да чаго цягнемся, наша пакліканне. І той, хто не пачуў альбо не захацеў чуць гэты ціхі голас, часцяком шкадуе, што замест таго, каб, напрыклад, стаць кухарам, пайшоў вучыцца на бухгалтара. Чалавек, які ідзе сапраўды Сваім шляхам, дасягае нашмат большага, часам здаецца, што яму дапамагае сам лёс... А родныя ўрэшце зразумеюць – асабліва калі тваё пакліканне робіць цябе шчаслівым!

Вялікдзень

Страх трэці. Я не ведаю, як і што там рабіць! Сапраўды, спачатку ўсё можа здавацца незразумелым і нават дзіўным. Але, калі прыгледзешся, то ўбачыш, што ўсе робяць адно і тое, таму проста сачы і паўтарай за іншымі. Можаш перад паходам на імшу пагугліць і дазнацца пра яе парадак.

Страхаў можа быць і больш. Але калі ты прызнаешся ў іх хаця б сабе, то гэта будзе твая ўласная перамога!

Да таго ж, свята – нагода пабыць разам з сям'ёй. Спытай у мамы, чаму яна наведвае царкву, чаму для яе гэта важна, калі яна патрапіла туды ўпершыню і што пры гэтым адчувала... Магчыма, яна раскажа табе, як адзначалі Вялікдзень яе бацькі і бабулі з дзядулямі. У такой размове ты зможаш шмат новых і нечаканых рэчаў дазнацца пра гісторыю свайго роду...

Вялікдзень

Дарэчы, завітаўшы ў царкву ці касцёл, ты здзівішся, колькі там тваіх аднагодкаў! Гэта раней рэлігію забаранялі і з цэркваў рабілі зернесховішчы, а сёння ў храм можа прыйсці кожны. І ты таксама!

Фота аўтара.

Комментарии